З легендаў і казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў і пшаніц.
З сузор’яў і сонечных цёплых праменняў,
З грымучага ззяння бурлівых крыніц,
З птушынага шчэбету, шуму дубровы,
І з гора, і з радасці, і з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святыні народа, бяссмерця яго, —
Ты выткана, дзіўная родная мова.
Адметнай рысай любой вялікай нацыі, любога вялікага народа з’яўляюцца трапяткія адносіны да сваёй гістарычнай спадчыны, да сваёй культуры, і, ў першую чаргу да роднай мовы.
Звяртаюся да вас, мае дзеці, словамі Я.Коласа “... любіце, ведайце і шануйце мову свайго народа і ўмейце дасканала валодаць ёю".
Таму прапаную вам кожную сераду тыдня аб'явіць Днём беларускай мовы. Гэта значыць, што цэлы дзень: на ўсіх ўроках, нават на ўроку матэматыкі, на перапынках мы будзем размаўляць толькі на беларускай мове. Пажадана, каб і ў хаце вы працягнулі гэтую традыцыю і разам з бацькамі вучыліся гаварыць па-беларуску.